Знаменитые Земляки - Альсмик Пётр Иванович

Пётр Іванавіч Альсмік

Пётр Іванавіч Альсмік нарадзіўся 14 (27 па новым стылі) лютага 1907 года ў латышскай калоніі Выдрэя колішняга Аршанскага павета Магілёўскай губерні, што знаходзілася паблізу сучаснай станцыі Выдрэя Лёзненскага раёна.  У 1929 годзе з адзнакай скончыў аддзяленне раслінаводства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Ужо ў студэнцкія гады актыўна займаўся даследчай работай.

Па размеркаванні Пётр Іванавіч быў накіраваны на пасаду малодшага асістэнта аддзела селекцыі Навазыбкаўскай вопытнай сельскагаспадарчай станцыі (цяпер Бранская вобласць Расіі). З 1931 года працаваў навуковым супрацоўнікам Беларускай занальнай вопытнай станцыі па бульбе. З першых дзён навуковай работы праявіў сябе таленавітым даследчыкам, які ўдала спалучаў тэарэтычную працу і практычную селекцыю.

Распачаўшы глыбокія даследаванні па біялогіі бульбы, ён вывучаў культурныя гатункі і дзікія віды бульбы. Ужо праз два гады пабачылі свет яго першыя кнігі “Бульба і дынаміка яе росту” і “Стандартныя для БССР сарты бульбы”, што выйшлі на беларускай мове. П.І. Альсмік распрацоўваў пытанні стварэння гатункаў, якія былі б устойлівы да фітафторы і іншых захворванняў. Вынікам паспяховай працы маладога селекцыянера было вывядзенне першага айчыннага гатунка бульбы “Беларускі 5780”, які атрымаў шырокае распаўсюджанне не толькі на калгасных палетках, але і ў прысядзібнай гаспадарцы. У 1935 годзе ён узначаліў лабараторыю селекцыі і насенняводства бульбы Беларускай станцыі паляводства, якая пазней была рэарганізавана ў Беларускую дзяржаўную селекцыйную станцыю (БДСС).

У 1939-40 гадах Пётр Іванавіч служыў у Чырвонай Арміі, браў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі, савецка-фінскай вайне, потым вярнуўся на ранейшую пасаду ў БДСС загадчыкам групы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён не быў эвакуіраваны ў глыб краіны, пад час фашысцкай акупацыі працаваў рабочым і аграномам ў вёсцы Зазер’е Мінскага раёна, дзе раней месцілася БДСС. Адначасова з’яўляўся членам спецгрупы аднога з партызанскіх атрадаў пры Мінскім гаркаме ВКП (б) Б.  Прыклаў усе намаганні, каб прадухіліць вываз у Германію найлепшых селекцыйных гатункаў, за што быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені. 

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе вярнуўся на працу ў БДСС, займаў пасады загадчыка групы селекцыі і насенняводства бульбы, пазней намесніка дырэктара па навуковай рабоце. Найпершай задачай навукоўца стала барацьба з небяспечным захворваннем бульбы – ракам, які быў завезены на тэрыторыю Беларусі пад час вайны і прычыніў значную шкоду бульбаводству. Распаўсюджванне рака было паўсюдным, з гэтай прычыны на некаторых прысядзібных участках увогуле было забаронена вырошчванне бульбы. Асноўным накірункам навуковай дзейнасці Пятра Іванавіча ў пасляваенны час стало вывядзенне ракаўстойлівых гатункаў з рознымі тэрмінамі выспявання: Партызан, Скараспелка І, Зазерскі і іншых. Дадзеныя гатункі бульбы атрымалі шырокае распаўсюджванне, а гатунак Зазерскі да сямідзясятых гадоў дваццатага стагоддзя займаў вядучае месца па пасяўных плошчах. За вывядзенне новых каштоўных гатункаў бульбы П. І. Альсмік разам з прафесарам Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута І. А. Весялоўскім у 1951 годзе быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй трэцяй ступені.  

У 1956 годзе ўсе даследаванні па бульбе ў БССР былі сканцэнтраваны ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце (НДІ) пладаводства, агародніцтва і бульбаводства, дзе Пётр Іванавіч узначаліў аддзел селекцыі бульбы. З 1984 выконваў  абавязкі старэйшага навуковага супрацоўніка. Да апошніх дзён жыцця быў кіраўніком рэспубліканскай навукова-даследчай тэматыкі па бульбе, працяглы час кіраваў усесаюзнай тэматыкай па бульбе.

На выснове шматгадовых даследаванняў біялогіі, марфалогіі, фізіялогіі і фітапаталогіі расліны бульбы як суцэльнага жывога арганізма селекцыянер распрацаваў вучэнне пра морфабіялагічныя тыпы, канстытуцыю раслін і іх узаемасувязі з прадукцыйнасцю, хуткаспеласцю і ўстойлівасцю да фактараў знешняга асяроддзя і выраджэння. Практычна ім былі прапанаваны першыя эксперыментальныя мадэлі гатункаў бульбы. Гэтыя даследаванні, якія былі прадстаўлены ў 1953 годзе ў выглядзе дысертацыі на саісканне навуковай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук, прынеслі саіскацелю навуковую ступень доктара сельскагаспадарчых навук. У 1956 годзе П.І. Альсмік быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1968 годзе – правадзейным членам Акадэміі навук БССР.

Другой фундаментальнай распрацоўкай даследчыка лічыцца тэорыя паэтапнай селекцыі высокакрухмалістых гатункаў бульбы. Так, на першым этапе ставілася задача стварэння гатункаў з крухмалістасцю  19-22 %, на другім – 22-24%, на трэцім – 26-28 %. Пры гэтым П.І. Альсмік распрацаваў методыку селекцыі, якая дазваляе будаваць прагнозы паводзінаў новых гатункаў у розных умовах, ствараць спрыяльныя ўмовы іх вырошчвання, садзейнічаць больш ранняму выспяванню і фарміраваць устойлівасць да захворванняў. Практычным вынікам гэтай працы з’явілася стварэнне такіх высокаўраджайных гатункаў бульбы з добрымі смакавымі якасцямі, як Лошыцкі, Вярба, Тэмп і іншыя.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 красавіка 1966 года за поспехі, які былі дасягнуты ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак бульбы, агародніны і пладоў, Альсміку Пятру Іванавічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Залатая Зорка”. У 1973 годзе яму было нададзена ганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі БССР. Праз год за працу па вывядзенні, размнажэнні і ўкараненні ў вытворчасць высокапрадукцыйных гатункаў бульбы Пётр Іванавіч і дзесяць яго калег і вучняў былі ўшанаваны Дзяржаўнай прэміяй СССР. 

Акадэмік Альсмік стаяў ля вытокаў стварэння першага аграрнага навукова-вытворчага аб’яднання па бульбе “Белнасеннебульба”, у склад якога ўвайшлі аддзел селекцыі, якім ён кіраваў, і 26 эксперыментальных баз па ўсёй рэспубліцы. Па сутнасці, гэта быў першы навукова-практычны цэнтр у Беларусі.  

У 1970-я гады заслугі Пятра Іванавіча Альсміка атрымалі ўсесаюзнае прызнанне, ён быў абраны правадзейным членам Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадрчых навук імя У.І. Леніна (УАСГНІЛ), у 1974-89 гадах з’яўляўся членам-карэспандэнтам Акадэміі сельскагаспадрчых навук ГДР. Адначасова на базе НДІ быў створаны занальны селекцыйны цэнтр УАСГНІЛ.  Як кіраўнік навукова-метадычнага савета Пётр Іванавіч узначаліў працу па фарміраванні доўгатэрміновай перспектыўнай праграмы па селекцыі бульбы.

Наш зямляк выдаў больш за сто навуковых прац, якія ахопліваюць усе праблемы навуковага і практычнага бульбаводства. Так, акадэмік Альсмік з’яўляецца аўтарам манаграфіі “Фізіялогія бульбы” і адным з сааўтараў “Фізіялогіі сельскагаспадарчых раслін” у 12 тамах. Яго манаграфія “Селекцыя бульбы ў Беларусі” ўшанавана вышэйшай узнагародай УАСГНІЛ – залатога медаля  імя І. В. Мічурына.

Сярод іншых узнагарод славутага земляка – ужо згаданы ордэн Леніна, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі (25.02.1977), ордэн Айчыннай вайны другой ступені (11.03.1985), тры ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (18.01.1958, 08.04.1971, 12.12.1973), ордэн Дружбы народаў (1981), ордэн «Знак Пашаны» (28.02.1987), а таксама чатыры залатыя і тры сярэбраныя медалі ВДНГ СССР.

Жыў і працаваў Пётр Іванавіч Альсмік у вёсцы Самахвалавічы Мінскага раёна Мінскай вобласці. Ён пайшоў з жыцця 2 красавіка 1992 года і быў пахаваны на мясцовых могілках.