Знаменитые Земляки - Лыньков Михаил Тихонович (Міхась Ціханавіч Лынькоў)

Міхась Ціханавіч Лынькоў 

Міхась Ціханавіч Лынькоў нарадзіўся 30 лістапада 1899 года на Віцебшчыне (в. Зазыбы Лёзненскага раёна) у сям'і чыгуначніка. У 1913 г. вучыўся ў Рагачоўскай  настаўніцкай семінарыі. З пачаткам першай сусветнай вайны М. Лынькоў быў накіраваны ў в. Ліпінічы на працу настаўнікам.

Ў 1918 г., калі Гомельшчына была акупіравана нямецкімі войскамі, М.Лынькоў з'явіўся адным з арганізатараў i ўдзельнікаў партызанскага руху. Пасля выгнання кайзераўскіх акупантаў зноў настаўнічаў у Ліпнічах, a ў жніўні 1919 г. па прафсаюзнай мабілізацыі быў накіраваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у паходзе на Варшаву, у разгроме банд пад Старадубскам i Ноўгарад-Северскам, служыў у спецыяльным атрадзе па барацьбе з голадам у Паваложы, на Урале i ў Заходняй Сібіры. У жніўні 1922 г. М. Лынькоў вярнуўся да абавязкаў вясковага настаўніка ў Свержанскую сямігодку (Рагачоўскі раён). З 1925 г. М. Лынькоў  пачаў працаваць у галіне журналістыкі, пісьменніцтва i навукі. Нельга сказаць, каб у гэтых пераменах істотна змяніўся характар i напрамак яго дзейнасці. Іншымі сталі толькі яе маштабы і аўдыторыя. Раней ён выступаў у ролі выхавацеля даволі абмежаванага кола падлеткаў i юнакоў, a затым стаў выхавацелем шырокіх мас грамадства, адным з прызнаных i любімых мастакоў слова беларускага народа. Летам таго года М. Лынькоў быў накіраваны на працу ў газету «Камуніст», дзе яго прызначылі спачатку сакратаром рэдакцыі, a неўзабаве i адказным рэдактарам.

М. Лынькоў пачаў актыўна выступаць на ніве роднай літаратуры, i як рэдактар газеты клапатліва i настойліва выяўляў, згуртоўваў i расціў маладыя паэтычныя таленты. Пры «Камунісце» штомесячна выпускаўся літаратурны дадатак «Вясна». Акрамя таго, пісьменнікі Бабруйшчыны выдалі два нумары альманаха «Уздым» i арганізацыйна прадстаўлялі сабой адзін з перыферыйных атрадаў усебеларускага літаратурнага аб'яднання паэтаў i пісьменнікаў «Маладняк». Яны папоўнілі беларускую літаратуру такімі здольнымі паэтамі i празаікамі, як Барыс Мікуліч, Алесь Жаўрук (Аляксандр Сінічкін), Рыгор Суніца (Рыгор Лынькоў), Сяргей Грахоўскі, Васіль Вітка (Цімох Крысько), Мікола Лобан, Аляксей Зарыцкі i інш. У Бабруйску пачыналі свой творчы шлях i вядомыя беларускія крытыкі i літаратуразнаўцы Янка Казека i Сцяпан Майхровіч. Як пісьменнік Міхась Лынькоў стаў вядомы з 1926 г. Яго першыя апавяданні «Над Бугам», «Чыгунныя песні», «Манчжур», «Гой», «Крот», «Журавель мой, журавель», «Андрэй Лятун», «Квартырмайстар Будай» i іншыя адразу выклікалі зацікаўленасць літаратурнай грамадскасці i шырокіх колаў чытачоў. Імя Лынькова як мастака слова набыло ўсеагульную вядомасць.

Раннія апавяданні Міхася Лынькова выклікалі вялікую зацікаўленасць перш за ўсё сваёй тэматычнай навізной: яны былі прасякнуты рамантыкай рэвалюцыйных бітваў, услаўленнем вызваленчага змагання, паэтызацыей i гераізацыей людзей, якія мужна i смела ўзняліся на барацьбу супраць старога свету («Чыгунныя  песні», «Крот», «Квартырмайстар Будай»). У 1930 г. Міхась Лынькоў пераехаў у Мінск i апынуўся ў самай гушчы літаратурнага, навуковага i грамадскага жыцця рэспублікі.

Першапачаткова ён быў прызначаны галоўным рэдактарам адзінага ў ты час Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Адначасова ўвайшоў у кіруючы склад БелАПП (Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў), стаў адным з яе кіраўнікоў. Пасля роспуску ў 1932 г. усіх літаратурных аб'яднанняў i груп быў зноў абраны ў кіруючы склад новай пісьменніцкай арганізацыі. Значны час (1933—1941 гг.) ён быў рэдактарам «Полымя рэвалюцыі» (так называўся ў той час літаратурна-мастацкі часопіс «Полымя») i адначасова (з 1938 па 1948 г.) узначальваў Саюз пісьменнікаў БССР. У 30-я гады яшчэ больш актывізавалася дзейнасць Міхася Лынькова як мастака слова. Паказваючы нараджэнне чалавека новай савецкай явы, пісьменнік імкнуўся выявіць тыя асноўныя ўнутраныя імпульсы, якія вызначаюць яго паводзіны, маральныя i этычныя ўяўленні. Вызваленчы паход 1939 г., у якім Міхась Ціханавіч прымаў дзейсны ўдзел у якасці рэдактара газеты «Беларуская звязда», узбагаціў яго багатымі ўражаннямі. Пад уражаннем усяго пачутага i ўбачанага быў напісаны рад апавяданняў, якія ўвайшлі ў зборнік «Сустрэчы» (1940). Высока ацэньваючы творчасць Міхася Лынькова 20—30-х гадоў, трэба сказаць, што росквіт яе прыпадае на ваенныя i пасляваенныя гады, i лебядзінай песняй пісьменніка з'явіўся яго раман «Векапомныя дні».

3 першага дня Вялікай Айчыннай вайны М. Лынькоў знаходзіўся ў дзеючай арміі, рэдагаваў газету «За Савецкую Беларусь». Апавяданні таго часу склалі зборнік «Астап» (1944). 3 1942 г. Міхась Лынькоў пачынае збіраць матэрыялы для задуманага ім рамана. Спатрэбіліся доўгія гады напружанай працы, каб здзейсніць свае творчыя задумы. У завершаным выглядзе раман «Векапомныя дні» выйшаў у свет у 1958 г. Сярод іншых раманаў i аповесцей пра Айчынную вайну «Векапомныя дні» вылучаюцца сваёй маштабнасцю i шырокай эпічнасцю. Пасля вайны Міхась Лынькоў працаваў галоўным чынам у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР. Навукова-літаратуразнаўчая дзейнасць Міхася Лынькова абмяжоўвалася пераважна артыкуламі аб дзейнасці асобных пісьменнікаў. Настойліва i ўпарта працаваў ён над асвятленнем найбольш недаследаваных i заблытаных перыядаў у гісторыі беларускай савецкай літаратуры. З'яўляючыся на працягу доўгага часу (1938—1948) старшынёй Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, Міхась Ціханавіч Лынькоў на рэспубліканскіх i ўсесаюзных кворумах рашуча выступаў супраць абыякавых i халодных адносін да справы, усяляк падтрымліваў як заваяваўшых шырокую вядомасць, так i пачынаючых мастакоў слова. Міхась Ціханавіч Лынькоў з бацькоўскімі клопатамі адносіўся да кожнага новага пісьменніка, шчыра радаваўся прыходу ў літаратуру I. Мележа, Я. Брыля, А. Кулакоўскага, У. Караткевіча, I. Шамякіна, А. Макаёнка, В. Быкава, А. Васілевіч i іншых беларускіх паэтаў, празаікаў, драматургаў i крытыкаў.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1940—1975 гг.

Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1949, 1955, 1969), трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939, 1959, 1967), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), ордэнам Чырвонай Зоркі (1943), медалямі.

Памер 21 верасня 1975 г.